5 верасня - Дзень беларускага пісьменства
Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе быў старажытны Полацк, потым гасцей з усяго свету сустракалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Слонім і іншыя старажытныя культурныя цэнтры Беларусі.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства пад слоганам «Слова нас аб'ядноўвае» пройдзе ў Капылі Мінскай вобласці. Менавіта тут сустрэнуцца ўсе тыя, хто працуе дзеля захавання друкаванага слова, папулярызацыі традыцый нацыянальнай культуры і памнажэння духоўнасці беларускага народа. Галоўная тэма свята – Год народнага адзінства.
Цэнтральнымі падзеямі Дня беларускага пісьменства стануць урачыстае адкрыццё, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, перадача эстафеты Добрушу – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе, адкрыццё помніка беларускаму пісьменніку, драматургу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Цішку Гартнаму, скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай сталіцам Дня беларускага пісьменства.