Адкрыццё арт-аб’екта “Хлебная карта свету”
Ужо трэці год наша сталовая кожны дзень збірае за агульнымі сталамі па некалькі соцен вучняў адначасова. І для таго каб гэта месца было напоўнена асаблівай гасціннасцю, цяплом і ўтульнасцю, творчы калектыў школы вырашыў, што гэта павінен быць аб’ект, які будзе аб’ядноўваць вучняў, сям’ю ў хаце, народ у краіне, краіны ў свеце. Сёння адбылося адкрыццё арт-аб’екта “Хлебная карта свету”, які адлюстроўвае разнастайнасць хлебнай прадукцыі ў розных краінах свету. Мэта арт-аб’екта заключаецца ў арганізацыі даследчай і пазнавальнай дзейнасці вучняў па ўзбагачэнні ведаў пра хлеб, яго традыцыі ў розных краінах свету.
Як хлеб яднае ўсіх членаў сям’і, так і Год народнага адзінства, які адзначае наша краіна, яднае народы свету і іх традыцыі. Усе народы розныя, у кожнага – свая нацыянальная кухня, любімая страва, але ўсіх нас звязвае павага і любоў да хлеба. З даўніх часоў хлеб быў прадметам галоўнага клопату чалавека. На славянскіх вяселлях заўсёды спявалі: “Гаспадар мой, бацюхна-хлеб”. На вечарынах вялі ў карагодзе : “Каравай, каравай, каго хочаш выбірай”. Хлеб падносілі на вышытым ручніку самаму дарагому госцю, а той, прымаючы дар, цалаваў духмяны бохан. І сёння ніводнае свята не абыходзіцца без хлеба. Ён кожны дзень на нашым стале.
У час адкрыцця госці былі запрошаны ў падарожжа да народаў свету і “частаваліся” іх хлебам: беларусы – каравай, украінцы – паляніца, рускія – барадзінскі хлеб, кітайцы – маньтоу, немцы – брэцэль, французы – багет, амерыканцы – бургерная булачка, мексіканцы – тарцілья, аўстралійцы – дампер, чылійцы – марракета, венесуэльцы – арэпа, эфіопцы – ынджэра, алжырцы – матлуа.
Кожны хлеб адметны і яркі па-свойму, але, нягледзячы на гэтыя адрозненні, мы ўсе сябруем і мірна суіснуём у нашым агульным доме – планеце Зямлі. Няхай Год народнага адзінства прынясе нам мір, паразуменне і згоду, а хлеб у нашым жыцці зойме пачэснае месца!