Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць, калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова”.(З.Бядуля)
Такімі словамі святочна, творча, упэўнена пачаў крочыць Тыдзень роднай мовы ў нашай школе. Падчас адкрыцця гучалі выказванні мастакоў слова пра беларускую мову, вершы на беларускай мове, песні беларускіх кампазітараў на словы беларускіх паэтаў. Вучні паказвалі сябе сапраўднымі знаўцамі беларускай мовы:слухалі і спявалі беларускія песні, разгадвалі беларускія загадкі, крыжаванкі, рэбусы, метаграмы, падарожнічалі па краіне беларускіх казак. А як прыгожа танцавалі беларускія народныя танцы вучні 9”А” класа!
Атрымалася сапраўднае свята, якое натхніла ўсіх вучняў на творчую дзейнасць на працягу тыдня.
У фае школы наладжаны цудоўныя выставы: “Беларускія класікі”, “Беларуская хатка”, “Будзьце ветлівымі!”, “Беларускі арнамент”.
На працягу першага дня ладзіліся мерапрыемствы: літаратурная вечарына для вучняў 9-ых класаў “Я – пякучка-крапіва”, дзе вучні інсцэніравалі байкі К. Крапівы, спявалі беларускія песні, танцавалі беларускія народныя танцы, спрабавалі свае тэатральныя здольнасці. Цікава і займальна прайшла гульня-віктарына для вучняў 6-ых класаў “Літаратурная альтанка”. Вучняў сустрэлі хлебам і соллю.Хлопчыкі і дзяўчаты гаварылі кампліменты роднай мове, сустрэліся з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, паспрабавалі сябе ў ролі паэтаў
На перапынках выразна гучала роднае слова: праходзіла рэклама “Ветлівыя словы”. З задавальненнем вучні прымалі ўдзел у літаратурным рынгу “Пазнай героя”. Першы дзень Тыдня прайшоў творча, насычана, пазнавальна. Вучні змаглі далучыцца да набыткаў нацыянальнай беларускай культуры.