Адкрыты ўрок па беларускай літаратуры. НІЛ ГІЛЕВІЧ "МАЦІ"
Кожны ўрок літаратуры – гэта ўрок маральнасці і дабрыні. На кожным уроку мы стараемся шукаць шлях да сябе, шлях, каб стаць Чалавекам. А З ЧАГО ПАЧЫНАЕЦЦА ЧАЛАВЕК??? А чалавек пачынаецца з таго, што думае не толькі сам пра сябе, але і пра тых, хто вакол яго. На ўроку мы дакрануліся да творчасці дзіўна таленавітага чалавека.
Пасля ўступнага слова настаўніка вучні прадэманстравалі ўменне выразна чытаць верш (Еўдакія Лось. "Дзяўчаты мінулай вайны") і агучылі самыя цікавыя сінквейны па іх меркаванні. Вучні пазнаёміліся з эпіграфам да ўрока, са слушнымі выказваннямі іншых паэтаў пра МАЦІ. Займальным момантам урока было знаёмства з тэкстам "Цікавыя факты пра Ніла Гілевіча", пасля прачытання якога вучням прыйшлося разгадаць ілюстрацыі на дошцы. Дзякуючы гэтаму яны вусна ўзнавілі прачытаны матэрыял. Пасля першаснага знаёмства з вершам Ніла Гілевіча "МАЦІ" мы правялі аналітычную гутарку па адметнасцям зместу, будовы і сродкаў мастацкай выразнасці, разгадалі цэлую палітру вобразаў і пачуццяў, створаную паэтам. У якасці абагульнення вучням было прапанавана выканаць заданне па радах у парах (аднавіць паслядоўнасць падзей у вершы, вызначыць сродкі мастацкай выразнасці і растлумачыць іх ролю ў стварэнні галоўных вобразаў, узяць інтэрв'ю ў Ніла Гілевіча). Запамінальнай стала і фізкультхвілінка, асновай для якой стаў выпадак з жыцця настаўніка. Атмасфера ўрока вызначалася спакоем, ураўнаважанасцю, было адчуванне, што прысутнічаеш на літаратурнай вечарыне.