Свята Вялікдзень
ВЯЛІКДЗЕНЬ – НАЙСТАРАЖЫТНЕЙШАЕ І НАЙВАЖНЕЙШАЕ ХРЫСЦІЯНСКАЕ Свята.
Уваскрасеннем Пана з мёртвых быў здзейснены подзвіг выратавання чалавецтва, прымірэнне людзей са Стварыцелем. А гэта аснова веры, першая і самая галоўная ісціна, якая сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, адраджэнне і абнаўленне духоўнага свету чалавека. У гэты дзень вернікі святкуюць сваё адкупленне і магчымасць асягнення вечнага шчасця, што было здабыта коштам крыжовай смерці і змёртвыхпаўстання Збаўцы.
Навошта фарбуем яйкі?
Згодна са старажытным паданнем, Марыя Магдалена адправілася ў Рым, каб прапаведаваць Евангелле. Яна прыйшла да імператара Ціберыя і прынесла яму ў падарунак яйка. Гучна вымавіла: “Хрыстос уваскрос!”. Манарх запярэчыў, што чалавек не можа ўваскрэснуць, як не можа гэтае белае яйка стаць чырвоным. Тое адразу стала ружавець, а паступова зрабілася ярка-чырвоным. Пасля гэтай падзеі імператар прыняў хрост. З тых часоў на знак несмяротнасці жыцця вернікі фарбуюць яйкі.
Лічыцца, што самы адпаведны колер – чырвоны, бо ён сімвалізуе пакуты і кроў Збаўцы. Аднак у хрысціянскай традыцыі выкарыстоўваюцца і іншыя. Акрамя таго, велікодныя яйкі часта размалёўваюць і аздабляюць.