Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 595 человек

30 студзеня - 100-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка Івана Шамякіна

Дата: 30 января 2021 в 22:23
Автор: Лойша Т. В.
128 просмотров

30 студзеня адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння аднаго з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў – Івана Пятровіча Шамякіна, якога называлі жывым класікам. Але і сёння многія творы аўтара цікавяць чытачоў розных узростаў і не затрымліваюцца на паліцах кнігарняў.
Згадаем некалькі цікавых фактаў з яго біяграфіі.
1. Іван Пятровіч быў надзвычай працалюбівым чалавекам. Яго творчая спадчына налічвае больш за 10 раманаў, некалькі дзясяткаў аповесцей, шмат апавяданняў, п’ес, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, эсэ, дзённікавых запісаў. У 2014 годзе было завершана выданне найбольш поўнага з усіх існуючых і першага з навуковымі каментарыямі збору твораў пісьменніка, які налічвае 23 тамы. Дачка Івана Пятровіча Таццяна Іванаўна ў адным з інтэрв’ю заявіла, што напісанага бацькам хапіла б на 29 тамоў. А значыць, нешта яшчэ чакае свайго чытача і свайго даследчыка. Усяго было выдадзена 130 кніг І. Шамякіна аб’ёмам у 500 друкаваных аркушаў і агульным накладам больш за 25 мільёнаў асобнікаў.
Шлях І. Шамякіна ў літаратуру быў таксама праз працалюбівасць. У самым пачатку творчасці Іван Пятровіч удзень працаваў у школе, а вечарам хадзіў на сходы ў калгас, праводзіў семінары для агітатараў. Пры гэтым яшчэ знаходзіў час збіраць матэрыял і пісаць цікавыя творы. Усё жыццё ён быў у гушчы падзей не толькі як пісьменнік, але і як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963–1985) і СССР (1980–1989), старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971–1985), дэлегат на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1963), настаўнік (1945–1948), галоўны рэдактар альманаха «Советская Отчизна», намеснік старшыні (1954–1966), сакратар (1966–1971), першы намеснік старшыні (1971–1976), першы сакратар праўлення (1976–1980) Саюза пісьменнікаў БССР, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» (1980–1992), член-карэспандэнт (з 1980 г.) і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (з 1994 г.).
У адным з найлепшых твораў «Атланты і карыятыды» І. Шамякін пісаў: «Усе радасці жыцця кароткія, акрамя адной – радасці працы».
2. Іван Шамякін – адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў у свеце. Яго творы перакладзены больш чым на 30 замежных моў. Амаль усе раманы перакладзены на кітайскую мову. Доктар філалагічных навук, прафесар Пекінскага педагагічнага ўніверсітэта Ся Чжунсянь адзначае, што адным з найбольш папулярных беларускіх пісьменнікаў у Кітаі з’яўляецца менавіта Іван Шамякін.
3. Сам пісьменнік сярод лепшых сваіх твораў называў «Глыбокую плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Петраград – Брэст», «Зеніт», «Злую зорку», «Вялікую княгіню».
4. Гэта пісьменнік дзвюх эпох. Так яго назваў акадэмік Уладзімір Гніламёдаў, паколькі творчы талент І. Шамякіна раскрыўся ў савецкі час, а з распадам СССР, у незалежнай Беларусі, ён не пераставаў пісаць, але ўжо інакш.
5. Івана Пятровіча называюць майстрам сюжэту. Гэта абсалютна справядліва, бо ён умеў вельмі добра «закруціць» і «раскруціць» сюжэты сваіх твораў так, каб чытач не адрываўся ад кнігі.
6. Гэта аўтар цыкла з пяці аповесцей – дастаткова рэдкай для беларускай літаратуры з’явы. Пенталогія «Трывожнае шчасце» ўключае наступныя творы: «Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі і сустрэчы», «Мост».
7. Па матывах твораў І. Шамякіна знята каля дзясятка фільмаў, што таксама сведчыць пра папулярнасць пісьменніка і яго талент.
8. Народны пісьменнік Іван Шамякін – адзін з самых уганараваных беларускіх пісьменнікаў. За раман «Глыбокая плынь» ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР, потым былі Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа, Прэмія Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і шэраг іншых. Акрамя таго, Іван Пятровіч быў узнагароджаны званнем «Герой Сацыялістычнай Працы», ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, тройчы ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», Айчыны ІІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», Францыска Скарыны і інш.
Імя І. П. Шамякіна носіць Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, вуліца ў Мінску, у яго гонар устаноўлена некалькі мемарыяльных дошак і бюст. Пры жыццё і творчасць пісьменніка зняты фільмы «Пакуль ёсць сіла» (1979, рэжысёр Д. М. Міхлееў) і «Імгненні жыцця» (2000, рэжысёр У. У. Цяслюк).
9. І ў савецкі, і ў постсавецкі час паслядоўна выступаў супраць палітыкі русіфікацыі. Ва ўспамінах адзначаў, што П. М. Машэраў шмат зрабіў для эканомікі і культуры. «Але…... Знікла ж мова народа – аснова нацыянальнай культуры. Гэтыя пытанні мы задавалі і тады, гэты боль пёк, і мы крычалі. Казалі Машэраву, і ён нібыта згаджаўся. Але русіфікацыя не спынялася, яна ішла гэтак жа інтэнсіўна ˂…˃ Машэраў ніводнага разу ˂…˃ не выступіў па-беларуску».
Выказваў заклапочанасць пра стан роднай мовы і ў 1990-х: «Вялікая руская мова, якую ў Беларусі ўсе ведаюць, паступова пачынае „выціскаць“ беларускую ˂…˃ пры паглыбленні сувязей у рамках Саюзу Беларусі і Расіі – баюся, руская мова зусім выцесніць нашу родную беларускую. Гэта ненармальна. Бо загіне мова – загіне народ. Знікне нацыя!».
10. Іван Пятровіч быў вельмі сямейным чалавекам. Са сваёй будучай жонкай Марыяй Філатаўнай ён пазнаёміўся яшчэ ў пятым класе, узяў шлюб у 19 гадоў. Ёй былі прысвечаны аповесці «Непаўторная вясна» і «Слаўся, Марыя!», жонка ж стала прататыпам іншых жаночых вобразаў пісьменніка (Таццяна Маеўская з «Глыбокай плыні», Вольга Ляновіч з «Гандляркі і паэта», Надзея са «Снежных зім», Галіна Адамаўна з «Сэрца на далоні» і інш.). Іван Пятровіч і Марыя Філатаўна ішлі разам па жыцці 58 гадоў. І. Шамякін вельмі цяжка перажываў смерць жонкі: ён стаў мала есці і мала рухацца.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.