Свята Купалле
У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.
Святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх народаў Еўропы: Янаў дзень у Балгарыі, святы Ян у Венгрыі, Сан-Хуан у Іспаніі, Ліга ў Латвіі… Ва ўсходніх славян гэта Іван Купала, але, бадай, менавіта ў Беларусі найбольш поўна захаваліся традыцыі Купалля, якое адзначаюць з асаблівым размахам.
Гісторыя Купалля
Магічныя абрады і рытуалы Купалля ўзніклі яшчэ ў язычніцкія часы. "Купала" азначала "сярдзітае", "гарачае", "ускіпаючае гневам", "раз'юшанае" – менавіта так продкі ўяўлялі сонца і яго цудадзейную сілу. У час свята людзі дзякавалі і магутным стыхіям – Агню, Вадзе, Зямлі.
З распаўсюджваннем хрысціянства да Купалля быў прымеркаваны дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля. Сугучнасць слоў "купала" і "купаць", "апускаць у ваду" ў народнай свядомасці прывяла да змяшэння ў назве свята – Іван Купала.
Калі святкуюць Купалле?
У абрадах беларускага Купалля цесна перапляліся старажытныя язычніцкія і больш познія хрысціянскія традыцыі. І сёння згодна з праваславным календаром свята адзначаюць у ноч з 6 на 7 ліпеня, каталіцкім – 24 чэрвеня.
Купальскія "цуды", традыцыі і абрады
З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку "гуляе".
Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае, згодна з павер'ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук "папараць-кветкі" – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.
На Купалле беларусы праводзілі яшчэ шмат сімвалічных абрадаў:
збор лекавых кветак і траў, якія набывалі ў гэту ноч асаблівую сілу;
рытуал ачышчэння агнём (праз купальскае вогнішча людзі скакалі, у ім спальвалі кола-"сонца", адзенне хворых, старыя рэчы);
варажба на будучае (дзяўчаты пускалі па вадзе купальскія вянкі);
абрадавая вячэра;
рытуалы аховы дамоў і палёў ад нячыстай сілы;
прашэнне багатага ўраджаю і дастатку;
абрадавыя песні і карагоды, шумныя вясёлыя гульні;
рытуал ачышчэння вадой на ўзыходзе сонца, умыванне расой.